ЛЮ́ЦЫНСКІ МО́ГІЛБНІК,
могілкі латгалаў 9—10 ст. каля г. Лудза (ранейшая назва Люцын) у Латвіі. Адкрыты Е.Р.Раманавым у 1890. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, трупаспаленне і пахаванне адных рэчаў. У жаночых пахаваннях знойдзена шмат бронзавых упрыгожанняў (нагрудныя ланцужкі, вітыя і пласціністыя грыўні, бранзалеты са змяінымі галоўкамі на канцах, пярсцёнкі, трапецападобныя падвескі і інш.); у мужчынскіх — жал. наканечнікі дзідаў, сякеры, масіўныя бранзалеты, якія выконвалі ролю кастэтаў. Багатых пахаванняў няшмат, але яны выразна адрозніваліся ад звычайных пахаванняў, што сведчыць пра значную сац. дыферэнцыяцыю.
т. 9, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)